BSSF/Belarusian Sport Solidarity Foundation

BSSF/Belarusian Sport Solidarity Foundation

Share

The main goal of the BSSF is to protect the rights of athletes against discrimination and promote human rights, freedom and democratic values through sport.

The BSSF provides financial, organizational and legal support to athletes and sports specialists. Вы можаце падтрымаць працу фонду праз вашыя ахвяраванні:

❗️Дапамагчы можна праз старонку фонду: https://bssf.eu/donate/

❗️PayPal: [email protected]

11/08/2026

Алімпійская чэмпіёнка Расіі Вікторыя Лістунова не выступіць на чэмпіянаце Еўропы.

Харвацкія ўлады адмовілі расійскай гімнастцы Вікторыі Лістуновай у візе, таму яна прапусціць чэмпіянат Еўропы па спартыўнай гімнастыцы ў Заграбе, які пройдзе 13–16 жніўня.

Лістунова — алімпійская чэмпіёнка Токіа-2020 у камандным мнагабор'і і чэмпіёнка Еўропы ў асабістым мнагабор'і 2021 года.

Паводле паведамленняў расійскай федэрацыі, першапачаткова праблемы з візамі ўзніклі ў дзевяці членаў дэлегацыі. Частка з іх пазней атрымала дазвол на ўезд, аднак Лістунова ў выніковы склад удзельнікаў не трапіла.

Асобная ўвага да сітуацыі звязана з тым, што ў сакавіку 2022 года Лістунова ўдзельнічала ў праўладным мітынгу ў Маскве, дзе з'явілася з сімволікай «Z».

Такім чынам, нават пасля адмены міжнародных спартыўных абмежаванняў для расійскіх спартсменаў пытанне іх удзелу ў еўрапейскіх стартах застаецца залежным не толькі ад рашэнняў спартыўных арганізацый, але і ад нацыянальных уладаў краін-гаспадароў.

11/08/2026

🕯️ Пайшоў з жыцця легендарны трэнер Мікалай Казека.

10 жніўня на 77-м годзе жыцця памёр Мікалай Казека — адзін з самых выбітных беларускіх трэнераў, чалавек, які на працягу дзесяцігоддзяў будаваў беларускую школу фрыстайлу.

З 1993 года Казека ўзначальваў нацыянальную зборную Беларусі па фрыстайле. Яго выхаванцы заваявалі 8 алімпійскіх медалёў, у тым ліку 4 залатыя. Сярод алімпійскіх чэмпіёнаў, якіх трэніраваў Казека, — Ала Цупер, Антон Кушнір і Ганна Гуськова.

Казека двойчы прызнаваўся лепшым трэнерам Беларусі — у 2014 і 2018 гадах. Ён таксама быў узнагароджаны ордэнамі Айчыны ўсіх трох ступеняў і ордэнам Пашаны.

Але для беларускай спартыўнай супольнасці Мікалай Казека стаў вядомы не толькі сваімі спартыўнымі дасягненнямі. У жніўні 2020 года ён падпісаў адкрыты ліст прадстаўнікоў беларускага спорту з патрабаваннем прызнаць прэзідэнцкія выбары несапраўднымі. Пасля гэтага на яго пачаўся ціск: яго пазбавілі імянной прэзідэнцкай стыпендыі, а ў дзяржаўных і праўладных медыя разгарнулася кампанія супраць трэнера.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці выказвае спачуванні родным, блізкім, вучням і шматлікім прыхільнікам Мікалая Казекі.

Ён пакінуў пасля сябе не толькі вялікую спартыўную спадчыну, але і прыклад чалавека, які ў крытычны момант не адмовіўся ад уласных перакананняў.

01/08/2026

🏑 Міжнародная федэрацыя хакея на траве (FIH) зняла ўсе абмежаванні з беларускіх каманд.

Выканаўчы камітэт Міжнароднай федэрацыі хакея на траве (FIH) прыняў рашэнне вярнуць беларускія нацыянальныя і клубныя каманды да ўдзелу ва ўсіх афіцыйных міжнародных спаборніцтвах пад сваёй эгідай.

У афіцыйным паведамленні FIH адзначаецца, што рашэнне прынята пасля рэкамендацый Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) ад 7 мая 2026 года аб адмене абмежаванняў у дачыненні да беларускіх спартсменаў, а таксама наступных тлумачэнняў Спартыўнага дэпартамента МАК ад 29 чэрвеня 2026 года.

Ад гэтага часу беларускія каманды ўсіх узроставых катэгорый і ўзроўняў змогуць у поўным аб'ёме ўдзельнічаць у турнірах, санкцыянаваных FIH. Рашэнне ўступіла ў сілу неадкладна.

FIH стала яшчэ адной міжнароднай спартыўнай федэрацыяй, якая пасля майскага рашэння МАК вярнула беларускі спорт на міжнародную арэну. Раней аналагічныя рашэнні прынялі шэраг іншых сусветных федэрацый, у тым ліку па гімнастыцы, фехтаванні, плаванні, гандболе, сучасным пяцібор'і і іншых відах спорту.

22/07/2026

❗Спартыўны адвакат Аляксандр Данілевіч выйшаў на волю.

Паводле інфармацыі Беларускага фонда спартыўнай салідарнасці, вядомы беларускі спартыўны адвакат Аляксандр Данілевіч вызвалены і цяпер знаходзіцца на волі.

Аляксандр Данілевіч — адзін з самых аўтарытэтных спецыялістаў у галіне міжнароднага спартыўнага права. Ён стаў першым беларускім арбітрам Court of Arbitration for Sport, узначальваў Беларускую федэрацыю рэгбі, прадстаўляў беларускіх спартсменаў у міжнародных судовых і антыдопінгавых спрэчках, а таксама шмат гадоў выкладаў права ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

У траўні 2022 года Данілевіч быў затрыманы пасля таго, як падпісаў антываенны зварот беларускіх юрыстаў. У 2023 годзе Мінскі гарадскі суд прысудзіў яму 10 гадоў пазбаўлення волі, аднак пазней Вярхоўны суд скараціў тэрмін да 6 гадоў. Праваабарончыя і міжнародныя юрыдычныя арганізацыі прызнавалі яго пераслед палітычна матываваным і неаднаразова патрабавалі яго вызвалення.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці вітае вызваленне Аляксандра Данілевіча і спадзяецца, што ўсе беларускія спартоўцы, трэнеры, юрысты і іншыя прадстаўнікі спартыўнай супольнасці, якія пацярпелі ад палітычнага пераследу, таксама змогуць як мага хутчэй вярнуцца да нармальнага жыцця.

19/07/2026

⚽️ Кіраўнік BSSF: у Беларусі пакуль няма рэальных шанцаў на мундыяль.

Дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін у інтэрв'ю Беларускаму Радыё Рацыя падзяліўся сваімі ўражаннямі ад чэмпіянату свету па футболе 2026 года і ацаніў перспектывы зборных Беларусі і Расіі.

💬 На яго думку, мундыяль атрымаўся адным з самых непрадказальных за апошнія гады: без відавочнага фаварыта, з яркімі матчамі плэй-оф і сенсацыйным выступленнем зборнай Нарвегіі.

Апейкін таксама адзначыў, што на сённяшні дзень зборная Беларусі пакуль не гатовая змагацца за выхад на чэмпіянат свету праз агульны ўзровень нацыянальнага футбола.

Разам з тым ён не выключыў, што зборная Расіі можа вярнуцца ў міжнародныя спаборніцтвы і атрымаць шанец адабрацца на мундыяль 2030 года, калі цяперашняя тэндэнцыя да паступовага змякчэння абмежаванняў у міжнародным спорце працягнецца.

📅 Фінал чэмпіянату свету адбудзецца ўжо 19 ліпеня.

17/07/2026

🇪🇺⚖️ Дзевяць краін ЕС выступілі супраць змякчэння спартыўных санкцый у дачыненні да Беларусі і Расіі.

Дзевяць дзяржаў-членаў Еўрапейскага саюза заклікалі Еўрапейскую камісію спыніць фінансаванне міжнародных спартыўных арганізацый, якія аднавілі допуск беларускіх і расійскіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў. Пра гэта паведамляе Reuters.

Адпаведны ліст быў накіраваны еўракамісару па спорце Глену Мікалефу. Яго падпісалі Эстонія, Данія, Фінляндыя, Латвія, Літва, Нідэрланды, Польшча, Румынія і Швецыя.

Аўтары звароту прапануюць перагледзець фінансаванне арганізацый, якія змякчылі або адмянілі санкцыі ў дачыненні да беларускіх і расійскіх спартсменаў. Сярод іх названыя Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), World Aquatics і Міжнародная федэрацыя фехтавання (FIE).

У сваю чаргу МАК абараняе сваю пазіцыю. У камітэце падкрэслілі, што нядаўнія рашэнні носяць часовы характар і не азначаюць поўнай змены палітыкі ў дачыненні да Расіі.

«МАК вымушаны дзейнічаць ва ўмовах складанай геапалітычнай сітуацыі і яе наступстваў», — заявіў прадстаўнік арганізацыі.

У МАК таксама пацвердзілі, што па-ранейшаму не будуць праводзіць свае мерапрыемствы на тэрыторыі Расіі і не будуць запрашаць расійскіх дзяржаўных чыноўнікаў на алімпійскія падзеі. Пытанне выкарыстання расійскага сцяга, гімна і дзяржаўнай сімволікі на будучых Алімпійскіх гульнях пакуль застаецца адкрытым.

Нагадаем, што ў апошнія месяцы МАК адмяніў свае рэкамендацыі аб абмежаванні ўдзелу беларускіх спартсменаў, а таксама часова прыпыніў адхіленне Алімпійскага камітэта Расіі. Пасля гэтага шэраг міжнародных федэрацый ужо вярнулі беларускія і расійскія зборныя да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах.

15/07/2026

❗ IHF вярнула беларускія і расійскія зборныя ў міжнародны гандбол.

Міжнародная федэрацыя гандбола (IHF) дапусціла нацыянальныя зборныя Беларусі і Расіі да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах. Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным рэлізе арганізацыі.

Рада IHF прыняла рашэнне прывесці сваю палітыку ў адпаведнасць з апошнімі рэкамендацыямі Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) і адмяніла забарону, уведзеную 4 сакавіка 2022 года, якая распаўсюджвалася на нацыянальныя зборныя, афіцыйных асоб і суддзяў дзвюх краін.

Такім чынам, беларускія і расійскія каманды змогуць зноў выступаць у міжнародных турнірах пад эгідай IHF. Таксама аднаўляецца допуск да міжнароднай дзейнасці для трэнераў, афіцыйных прадстаўнікоў і арбітраў.

Нагадаем, што пасля рашэння МАК ад 7 мая 2026 года міжнародныя спартыўныя федэрацыі пачалі паслядоўна пераглядаць абмежаванні, уведзеныя ў 2022 годзе. За апошнія месяцы аналагічныя рашэнні ўжо прынялі ў гімнастыцы, валейболе, фехтаванні, сучасным пяцібор'і, водных відах спорту і шэрагу іншых дысцыплін.

13/07/2026

🚨 У Варшаве напалі на Аляксандру Герасіменю.

У цэнтры Варшавы невядомы мужчына напаў на беларускую плыўчыху, прызёрку Алімпійскіх гульняў Аляксандру Герасіменю.

Пра інцыдэнт паведаміла галоўная рэдактарка сайта «Хартыя'97» Наталля Радзіна.

Паводле яе інфармацыі, раніцай 10 ліпеня на аўтавакзале Warszawa Zachodnia невядомы мужчына падышоў да Герасімені ззаду і ўдарыў яе кулаком па галаве. Пасля гэтага ён пакінуў месца здарэння. Спартсменка звярнулася ў паліцыю, якая пачала праверку.

Аляксандра Герасіменя — адна з самых тытулаваных беларускіх спартсменак, трохразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў і шматразовая прызёрка чэмпіянатаў свету. У 2020–2022 гадах яна ўзначальвала Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (BSSF). У Беларусі Герасіменя завочна асуджаная да 12 гадоў пазбаўлення волі па палітычна матываванай справе.

Гэты напад адбываецца на фоне працяглага ціску на прадстаўнікоў BSSF. 21 жніўня 2025 года ў порце Трабзон (Турцыя) быў выкрадзены былы каардынатар фонду па міжнародных камунікацыях Анатоль Котаў. Да гэтага часу яго месцазнаходжанне застаецца невядомым.

Яшчэ адзін былы супрацоўнік BSSF — Вадзім Крывашэеў — таксама быў завочна асуджаны ў Беларусі да 12 гадоў пазбаўлення волі. Аналагічны прысуд беларускія ўлады вынеслі і дзейнаму выканаўчаму дырэктару фонду Аляксандру Апейкіну.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці выказвае падтрымку Аляксандры Герасімені і заклікае польскія праваахоўныя органы правесці поўнае і аб'ектыўнае расследаванне інцыдэнту. Бяспека беларускіх спартсменаў і грамадскіх дзеячаў, якія знаходзяцца ў эміграцыі, павінна заставацца безумоўным прыярытэтам.

07/07/2026

МАК часова прыпыніў адхіленне Алімпійскага камітэта Расіі.

Выканаўчы камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) прыняў рашэнне часова прыпыніць адхіленне Алімпійскага камітэта Расіі (АКР), якое дзейнічала з 12 кастрычніка 2023 года.

Як адзначаецца ў афіцыйным рэлізе МАК, рашэнне было прынята пасля юрыдычнай ацэнкі, паколькі АКР больш не ўключае ў свой склад рэгіянальныя спартыўныя арганізацыі на тэрыторыях, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Нацыянальнага алімпійскага камітэта Украіны. Акрамя таго, АКР афіцыйна пацвердзіў, што не вядзе і не будзе весці дзейнасць на гэтых тэрыторыях.

Адначасова МАК паведаміў, што яго ранейшыя рэкамендацыі для міжнародных федэрацый адносна ўдзелу расійскіх спартсменаў больш не прымяняюцца. Гэта азначае, што цяпер кожная міжнародная федэрацыя будзе самастойна вырашаць пытанне допуску расійскіх атлетаў і нацыянальных каманд у адпаведнасці са сваімі правіламі.

Пры гэтым МАК падкрэсліў, што працягне ўважліва сачыць за дзейнасцю АКР і пакідае за сабой права прыняць дадатковыя меры ў выпадку неабходнасці.

Рашэнне адкрывае новы этап у працэсе вяртання расійскага спорту на міжнародную арэну, аднак не азначае аўтаматычнага вяртання ўсіх зборных або адмены ўсіх абмежаванняў. Канчатковыя рашэнні цяпер будуць прымаць міжнародныя спартыўныя федэрацыі.

За апошнія месяцы падобныя рашэнні ўжо былі прынятыя ў дачыненні да шэрагу беларускіх і расійскіх спартсменаў у розных відах спорту, аднак падыход міжнародных арганізацый па-ранейшаму адрозніваецца ў залежнасці ад канкрэтнай федэрацыі.

06/07/2026

🥀 Загінуў былы палітвязень і футбаліст Аляксей Ляўкевіч.

Стала вядома пра смерць былога палітвязня Аляксея Ляўкевіча. Паводле наяўнай інфармацыі, 38-гадовы мужчына трагічна загінуў у канцы чэрвеня 2026 года ў выніку няшчаснага выпадку — ён патануў на возеры.

Спорт займаў важнае месца ў жыцці Аляксея. На працягу многіх гадоў ён выступаў у аматарскім футболе і міні-футболе, гуляў у Прэм'ер-лізе 5×5 за каманды do-doma.by і «БелВЭБ», правёў дзясяткі матчаў і адзначыўся шматлікімі забітымі мячамі.

У канцы 2024 года Ляўкевіч быў затрыманы і пазней асуджаны па некалькіх палітычна матываваных артыкулах, у тым ліку за «абразу Лукашэнкі», «распальванне варожасці» і «абразу прадстаўніка ўлады». Пасля прысуду беларускія ўлады ўнеслі яго ў так званы «спіс тэрарыстаў».

23 сакавіка 2026 года Аляксей быў вызвалены разам з групай з 250 палітычных зняволеных пасля чарговага візіту ў Беларусь спецпрадстаўніка ЗША Джона Коўла. У адрозненне ад многіх іншых вызваленых, яму дазволілі застацца ў Беларусі.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці выказвае шчырыя спачуванні родным, блізкім і сябрам Аляксея Ляўкевіча.

🕯️ Светлая памяць.

Want your business to be the top-listed Gym/sports Facility in Tallinn?

Click here to claim your Sponsored Listing.

Location

Address


Aru 21
Tallinn
10111